Прынтар Брайля для слабавідушчых людзей, прылада, якая перапрацоўвае пластык для 3D-прынтара, прыбор для вымярэння тэмпературы цела чалавека — гэта далёка не поўны пералік праектаў, створаных вучнямі сярэдняй школы № 4 Кобрына ў STEАM-цэнтры, які дзейнічае на базе ўстановы адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Адкрыццё STEАM-цэнтра стала вынікам рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі”.
— Веды павінны быць комплекснымі, — пераканана намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Звягіна. — Навука, тэхналогіі, інжынерыя, мастацтва і матэматыка, аб’яднаныя ў адзін кірунак STEAM-адукацыі, спрыяюць фарміраванню навукова-тэхнічнай культуры навучэнцаў, развіццю ў іх пачатковых ведаў, уменняў і навыкаў у галіне праектнай, даследчай дзейнасці і навукова-тэхнічнай творчасці, а таксама новага тыпу сацыялізацыі школьнікаў. STEAM-адукацыя садзейнічае выяўленню і развіццю таленавітых і адораных у розных галінах навучэнцаў — своеасаблівай інтэлектуальнай эліты.
Створаная мадэль дапрофільнай падрыхтоўкі адаптавана для ўстановы, асаблівасцю якой з’яўляецца рознаўзроставы (ад 3 да 17 гадоў) склад навучэнцаў. Акцэнт зроблены на наяўных ведах і ўменнях педагогаў, а таксама на матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні школы.
Дзякуючы добраму аснашчэнню STEАM-цэнтра, пашырана сетка заняткаў дадатковай адукацыі, факультатываў (адкрыта 8 аб’яднанняў па інтарэсах, 9 факультатыўных заняткаў рознай накіраванасці — па робататэхніцы, праграмаванні, 3D-мадэляванні і інш.). Абноўлена сістэма пазакласных мерапрыемстваў па прадметах, прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Сталі традыцыйнымі STEAM-суботы, школьныя даследчыя канферэнцыі, прышкольны аздараўленчы STEAM-лагер.
раскрыть » / « свернуть